Прадаюцца рукi i галава. Пажадана — дорага

Святлана БАРЫСЕНКА

Паляванне на работу. «Без стажу прашу не прапаноўвацца. Дыплом у разлiк не бярэцца». Наймальнiк.

Замест эпiграфа.

Каб мець сёння работу, недастаткова, я думаю, элементарнага жадання працаваць. Нi пры чым тут i наяўнасць дыплома. Шчыра кажучы, я не ведаю, якiя абавязковыя кампаненты гарантуюць рабочае месца i цi можна наогул тут гаварыць пра нейкiя гарантыi? Падабаецца нам гэта цi не, але практыка паказвае, што заўсёды работу маюць дзве «катэгорыi»: згодныя працаваць за капейкi i «асы» — высакакласныя спецыялiсты, «залатыя» рукi i галовы, якiя ўмеюць i ведаюць нешта такое, чаго не ўмеюць i не ведаюць iншыя. Паглядзiм, на якiя ж перспектывы разлiчваюць тыя, хто днямi атрымаў дыплом.

Адзiн мой сябра дзяцiнства, якi пражывае цяпер ва Украiне, у Адэсе, працуе на прыватнiка i зарабляе каля 400 у.а. у месяц. Ён кормiць сябе, жонку i 6-гадовага сына. Жонка не працуе. Па прычыне аб’ектыўнай сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыi максiмум, на што яна можа разлiчваць у сэнсе заробку, — 30 у.а. Такiя грошы здольны заплацiць ёй i муж — за смачны абед i «пагоду ў доме».

…25-гадовая беларуска Юля са школьных гадоў шукала не мужа, а найлепшую магчымасць набыць неабходныя веды. I недарэмна: зараз яна задаволеная, хаця першыя два-тры гады навучання ў Еўрапейскiм гуманiтарным унiверсiтэце на кафедры дызайну аўдыёвiзуальных камунiкацый аказалiся настолькi напружанымi, што было нават не да падпрацовак. Навучанне займала да дваццацi гадзiн у суткi. Аднак Юлiна захапленне камп’ютарам цудоўным чынам аказалася запатрабаваным на рынку працы, i яна знайшла сiлы весцi камп’ютарныя курсы ў цэнтры павышэння квалiфiкацыi «Алгарытм». Далей было стварэнне ўласнага сайта, выкладанне камп’ютарных курсаў у навучальным цэнтры «Белхард груп». Паводле Юлiных слоў, работы хапае, паколькi дызайнерская спецыяльнасць, а калi больш канкрэтна — генерыраванне iдэй зараз вельмi запатрабаванае ў многiх сферах, асаблiва ў камп’ютарнай. З 26 аднакурснiкаў Юлi да фiнiшу ў гэтым годзе дайшлi толькi шасцёра. «Нiхто з iх не застанецца без работы», — упэўненая дзяўчына.

Другая Юля атрымала днямi дыплом радыётэхнiчнага унiверсiтэта. 1 жнiўня яна выйдзе на работу ў ВА «Хiмвалакно» ў родным горадзе Светлагорску. Вышэйназванае прадпрыемства аплацiла вучобу Юлi на факультэце камп`ютарнага праектавання. Завод плануе на працягу пяцi гадоў выкарыстоўваць веды новаспечанага iнжынера электроннай тэхнiкi.

— Быў момант, калi мне хацелася застацца ў Мiнску, але потым я падумала, што на радзiме ўладкуюся не горш… У аддзеле кадраў мне сказалi, што ёсць месца iнжынера ў канструктарскiм бюро i ў аддзеле метралогii… Праўда, я так хвалявалася, што нават не спытала пра заробак.

Дзiма Навiчок, аднагрупнiк Юлi, таксама платнiк, паспрабуе ўсё ж такi зачапiцца ў сталiцы. Родам ён з Радашковiчаў, а там толькi два патэнцыяльныя месцы для ўладкавання на работу: керамiчны i цагельны заводы.

— Калi я iшоў на гэту спецыяльнасць, працаўладкаванне абяцалi ўсiм. Паглядзiм, што будзе цяпер… У iдэале хацелася б трапiць на маторны цi вавiлаўскi… Я ўжо цiкавiўся — сказалi крышку пачакаць…

У Дзiмы, дарэчы, ёсць двухгадовы стаж — ён працаваў слесарам-iнструментальшчыкам пасля заканчэння ПТВ №87 у Маладзечне. Тое, што аднойчы хлопца пацягнула ў ВНУ, — гэта, безумоўна, «плюс», а вось невядомасць, якая адкрываецца перад iм, i гарантавана нiзкi заробак — «мiнус».

Але не ён першы i не ён апошнi, хто аказваецца з дыпломам у руках на гэтым скрыжаваннi. Да таго, як iнжынер-эканамiст Ганна, колiшняя выпускнiца Беларускага дзяржаўнага тэхналагiчнага унiверсiтэта, дачакалася месца па спецыяльнасцi на станцыi тэхнiчнага абслугоўвання (чым вельмi задаволеная), яна спачатку год адпрацавала па размеркаванню на прыборабудаўнiчым заводзе за 35 у.а. у месяц. Потым становiшча завода пагоршылася, i ёй выдалi даведку аб завяршэннi супрацоўнiцтва.

Вяртацца дадому, у Маладзечна, не хацелася. I аднойчы… проста пашанцавала: знаёмыя падказалi пра вакантнае месца з «чалавечым» заробкам. «Пакуль я пiсала дыплом, спрабавала навязацца прыватным фiрмам — у якасцi офiс-менеджара цi рэферэнта, аднак паўсюль наймальнiка расчароўвала адсутнасць стажу».

Намучылася з пошукам «свайго» месца i яшчэ адна выпускнiца БДТУ — Палiна. Мiзэрны заробак, якi нават не дацягваў да памеру платы за наймаемую кватэру, строгi графiк, якi не дазваляў дадаткова падзарабляць, вымусiлi Полю аднойчы звольнiцца «ў белы свет», вярнуцца на радзiму i атрымлiваць капейку за падрыхтоўку курсавых i кантрольных для лянiвых студэнтаў. Рэгулярна штудзiруючы аб`явы, Палiна выйшла на пажаданы варыянт: цяпер яна — галоўны бухгалтар адной прыватнай мiнскай фiрмы.

Прарэктар па кадравай i выхаваўчай рабоце Iнстытута парламентарызму i прадпрымальнiцтва Сямён Кузьменка любiць паўтараць сваiм студэнтам: «Сябры, ваша задача — навучыцца працаваць. Так што з другога-трэцяга курса вы ўсе павiнны падпрацоўваць». Улiчваючы, што навучанне ў гэтай ВНУ платнае, хоць i не вельмi дарагое, студэнты прыслухоўвалiся да слоў Сямёна Iванавiча i працавалi ледзь не ў трэцюю змену. Як правiла, там, дзе ўладкоўвалiся на практыку. Цудоўным чынам многiм удавалася застацца на абжытым месцы пасля развiтання з альма-матэр.

З 60—80 выпускнiкоў штогод (сёлета, праўда, iх было 180 разам з завочнiкамi) толькi адзiнкi перажываюць цяжкасцi з продажам сваiх рук.

Акрамя палiтолагаў, не застаюцца незапатрабаванымi спецыялiсты ў галiне сусветнай эканомiкi, правазнаўства, дзяржаўнага кiравання, фiнансаў i крэдыту. Акрамя прыватных прадпрыемстваў, iх разабралi мiнiстэрствы замежных спраў i транспарту.

Нарасхват, як высвятляецца, выпускнiцы Жаночага iнстытута «Энвiла». Прычым не толькi на тэрыторыi краiны, але i за яе межамi. Iрына Ермалаева, начальнiк аддзела вучэбна-метадычнай i выхаваўчай работы, сцвярджае, што гэта дзякуючы двум дадатковым сертыфiкатам, якiя атрымлiваюць выпускнiцы жаночага iнстытута — сакратара-рэферэнта i хатняй выхавальнiцы, цi гувернанткi. Сертыфiкат гувернанткi ведаюць, напрыклад, у Паўночнай Вестфалii (Германiя).

— «Штучная» адукацыя ўсё-такi дае аб сабе знаць, — мяркуе спадарыня Ермалаева. — У нас трыццаць чалавек на курсе, i, значыць, нiхто не губляецца ў вялiкiм патоку… Асаблiва ж лёгка «губляюцца» звычайна дзяўчынкi.

Стваральнiкi жаночага iнстытута ўпэўненыя, што iм удаецца не толькi даць шырокую адукацыю студэнткам, але i выхаваць iх. Дзяўчаты маюць магчымасць завучваць тэарэтычную «сухамятку» i авалодваць практычнымi навыкамi, скажам, уменнем паднесцi сябе. Iншая справа, што здараюцца такiя казусы, калi наймальнiку патрэбна што-небудзь прасцейшае.

Адной з выпускнiц гэтага года ўжо, здавалася б, «свяцiла» работа на мiнскай фiрме, але ў апошнi момант ёй адмовiлi: маўляў, вельмi прыгожая. Днямi прыгажуня пакiнула Беларусь i вярнулася дадому — у Вiльнюс.

З сямiдзесяцi выпускнiц «Энвiлы», а гэта 30 перакладчыкаў, 20 эканамiстаў i 20 псiхолагаў, складаней за ўсiх будзе знайсцi работу псiхолагам. За астатнiх ВНУ спакойная.

Падобны настрой характэрны i для медыцынскiх навучальных устаноў краiны. У Мiнiстэрстве аховы здароўя кажуць, што медработнiкаў многа не бывае. Акрамя, праўда, спецыялiстаў сярэдняга звяна. I тое, залiшне бывае толькi ў Мiнску, а ў раёнах быў i застаецца iх недахват.

Спробы як мага хутчэй выштурхнуць новаспечаныя медыцыскiя кадры падалей ад сталiцы не заўсёды аказваюцца цалкам апраўданымi. Сёлетняя выпускнiца мiнскага медунiверсiтэта Таццяна Рагозенка трапiла ў лiк першых шасцi спецыялiстаў, падрыхтаваных па дзiцячай гiнекалогii. Таццяна вярнулася па накiрунку ў свой Мазыр, а яе паплечнiкi будуць стажыравацца ў Бабруйску, Мiнску i па Мiнскай вобласцi на базе абласнога радзiльнага дома. Цiкава, што дзiцячыя гiнеколагi рыхтавалiся для работы ў абласных гарадах — па аднаму на вобласць. Паколькi ж гаворка iдзе пра зусiм новы накiрунак работы ў медыцыне, стажыроўка павiнна была адбыцца ў Мiнску, пад патранажам доктара медыцынскiх навук спадарынi Мажэйка. Аднак на сёння Таццяна ведае толькi што, паводле распараджэння абласнога кiраўнiцтва, стажыроўка будзе адбывацца… па дарослай гiнекалогii.

— Справа ў тым, — расказвае па тэлефоне Таццяна, — што ў 15—16 гадоў, калi дзяўчаты прыходзяць на агляд да дарослага спецыялiста, часам маюць месца такiя эндакрынныя парушэннi, якiя позна выпраўляць. Плануецца, што дзяўчынкi будуць назiрацца ў дзiцячага гiнеколага, скажам так, з нуля да васемнаццацi гадоў… Таму задумка была добрая, але што з гэтага цяпер атрымаецца — невядома… Пачакаем першага жнiўня.

Источник